СТАЯ́ЧАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, якая ўзнікае ў выніку інтэрферэнцыі хваль, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках і маюць аднолькавую амплітуду і частату. У С.х., у адрозненне ад бягучай хвалі, энергія не пераносіцца, а адбываецца перапампоўванне аднаго віду энергіі ў другі, напр., кінетычнай у патэнцыяльную, эл. у магн. (адсюль назва).
С.х. ўзнікаюць пры адбіцці хваль ад перашкод ці неаднароднасцей у газападобным, вадкім ці цвёрдым асяроддзі, а таксама ў вакууме (для эл.-магн. хваль) пры накладанні адбітай і прамой хваль. Розныя ўчасткі С.х. маюць аднолькавую фазу і розныя амплітуды, залежныя ад рознасці фаз прамой і адваротнай хвалі. Пункты С.х. з максімальнай амплітудай ваганняў наз. пучнасцямі, з амплітудай, роўнай нулю, — вузламі. Адлегласць паміж суседнімі вузламі (пучнасцямі) роўныя λ/2, а паміж суседнімі вузлом і пучнасцю — λ/4, дзе λ — даўжыня бягучай хвалі. С.х. ўзнікаюць у ЗВЧ антэнах, хваляводах, рэзанатарах.
т. 15, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)